ЗЯМНЫ́Я ТО́КІ,

тэлурычныя токі, электрычныя токі, якія цякуць у зямной кары. Іх існаванне звязана з варыяцыямі магнітнага поля Зямлі, з эл. полем атмасферы, электрахім. і тэрмаэлектрычнымі працэсамі ў горных пародах. З.т. індукцыйнага паходжання маюць рэгіянальны і глабальны характар, іншыя больш лакальныя. Напружанасць эл. поля З.т. дасягае найб. велічынь на выхадах крышт. фундамента зямной кары, у вобласці авала палярных ззянняў, а таксама ў момант магнітных бур. З.т. выкарыстоўваюць пры вымярэнні скорасці марскіх цячэнняў, кароткаперыядычных ваганняў геамагнітнага поля, пры разведцы карысных выкапняў і глыбінным даследаванні верхняй мантыі.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)